Запрашаем моладзь Свіслаччыны прыняць удзел у крэатыў-конкурсе “Фатаграфія з любімай кнігай беларускага аўтара”. Прапануем зрабіць цікавую версію фотапартрэта – сэлфі з кнігай, а менавіта з беларускай кнігай. Такім чынам вы зробіце рэкламу любімай кнігі беларускага аўтара і, магчыма, хто-небудзь зацікавіцца і прачытае прапанаваную вамі кнігу. Чакаем вашых фотаздымкаў, якія будуць размешчаны на сайтах ДУК “Свіслацкая раённая бібліятэка” і установы “Рэдакцыя газеты “Свіслацкая газета”. Пераможцы будуць узнагароджаны. Фотаздымкі дасылаць на электронны адрас svisl.metod@mail.ru да 15 лістапада 2021 года. 

Чытач  Ханявіцкай  бібліятэкі – цэнра краязнаўства Сяргей Прасняк прапануе  да  чытання раман Алеся Савіцкага “Обаль”.  Дзеянне рамана адбываецца на поўначы Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У Обалі, невялікай чыгуначнай станцыі, дзейнічала падпольная камсамольска-маладзёжная арганізацыя “Юныя мсціўцы”. Галоўныя героі твора – рэальныя асобы, арганізатары і актыўныя ўдзельнікі падполля: Фруза Зянькова, Зіна Партнова, Наталля Герман, Хведар Слышанкоў, Валянціна Шашкова, Ніна Азоліна, Надзя Дзяменцьева, браты Езавітавы, Мікола Аляксееў, Зоя Сафончык, Дзмітрый і Марыля Хрыбценкі, Аркадзь Барбашоў, Марыля Ушакова. Аўтар расказвае пра самаахвярную барацьбу юнакоў і дзяўчат супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, праўдзіва паказвае абставіны, цяжкасці таго часу.  

 

Чытач Свіслацкай раённай бібліятэкі Мінько Аксана любіць чытаць творы сучасных беларускіх аўтараў. Яе вельмі зацікавіла трылогія Уладзіміра Гаўрыловіча “Сэрца сваё не падманеш…”, куды ўвайшлі раманы “Забранае шчасце”,  “Сэрца сваё не падманеш…”, “Палешукі”. Кніга ахоплівае  падзеі з пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя, закранае перыяд Вялікай Айчыннай вайны і сённяшнія дні. Героі твора кахаюць і здраджваюць, церпяць ад калектывізацыі, праходзяць праз раскулачванне і высяленне,  праз цяжкія выпрабаванні вайны, працуюць на зямлі… Праз непаўторныя, у многім трагічныя лёсы палешукоў, якія насуперак усяму імкнуцца да шчасця, у творы ствараецца шырокая панарама народнага быцця.  Дзякуючы творам беларускай літаратуры мы пазнаём край, жыццё народа у гэтым краі, пазнаем сябе і адкрываем свет.

Чытач Велікасельскай бібліятэкі Пацкевіч Анастасія захапляецца сучаснай беларускай паэзіяй. Яна лічыць, што паэзія – гэта маладосць. Кніга паэзіі маладых літаратараў Беларусі “Мы – маладыя” – самая любімая. Яе склалі лепшыя вершы 167 маладых таленавітых літаратараў, якія пішуць на беларускай і рускай мовах. Сярод іх ёсць як ужо вопытныя аўтары, чые імёны ведае чытач, так і ў большасці сваёй тыя, хто друкуецца ўпершыню. Выданне разлічана на ўсіх, хто любіць паэзію і цікавіцца яе сучасным станам.

Чытач  Ханявіцкай  бібліятэкі – цэнра краязнаўства  Аляксей Юсько  прапануе да чытання кнігу, якая зацікавіла яго, –  гэта трылогія  Якуба Коласа  “На ростанях. Трылогія складаецца з аповесцей “У палескай глушы”, “У глыбі Палесся”, “На ростанях”. Дзеянне рамана адбываецца на Беларусі ў перыяд першай рускай рэвалюцыі. Галоўны герой –  вясковы настаўнік Андрэй Лабановіч прайшоў складаны шлях, часамi памыляўся, але нiколi не iшоў на кампрамiс са сваiм сумленнем. Ён быў мужным i непахiсным у час суровых выпрабаванняў, з якiх ён выйшаў з адзiнай думкай: “Чалавек павiнен жыць для дабра, ён павiнен быць карысным людзям”. 

Чытач Пацуеўскай бібліятэкі Дубанос Сяргей любіць чытаць творы беларускіх пісьменнікаў. Кніга, якая зацікавіла яго, –  гэта раман Івана Шамякіна “Злая зорка”, першы празаічны твор беларускай літаратуры, у якім адлюстравана трагедыя Чарнобыльскай катастрофы. У цэнтры – вобраз старшыні райвыканкама Уладзіміра Пільчанкі, на плечы якога кладзецца цяжар ліквідацыі вынікаў аварыі і лёс ягонай сям’і.  Кніга будзе цікавай тым чытачам, якія захочуць больш даведацца пра жыццё людзей пасля чарнобыльскай аварыі.

 

Контакты

Тел. .: 8(01513) 71379
Адрес: 231960, Республика Беларусь
Гродненская обл., г.Свислочь
ул. Первомайская,4
E-mail: svbcbs@mail.ru